Политика

Што мусіла б быць істотным вынікам візыту Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеў

Палітычны аглядальнік — пра тое, якія пытаньні варта было б падняць беларускай лідарцы падчас візіту ў Кіеў.

— Вітаю візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеў — хаця б таму, што кожная сустрэча апанэнтаў Лукашэнкі з кіраўніцтвам Украіны спрыяе разбурэньню міфу пра нібыта падтрымку беларускім народам агрэсіі Расеі супраць Украіны, — піша Сяргей Навумчык. — Асабліва калі гэта сустрэча зь Зяленскім, якая гарантавана возьме ўвагу ў СМІ.

Мы жывем у сьвеце, які шмат у чым фармуюць СМІ, падабаецца гэта ці не; мне — не падабаецца, але такая рэальнасьць.

Сяргей Навумчык

Аднак ёсьць два моманты.

Першы акрэсьлю каротка: часы лідэра РУХу Вячаслава Чарнавола, ягонай паплечніцы, дачкі ўдзельнікаў легендарнага паўстаньня вязьняў ГУЛАГу ў Кінгіры, дэпутаткі Вярхоўнай Рады першых чатырох скліканьняў Олены Бандрэнкі (сяброўствам зь якой ганаруся), тых, хто ствараў у пачатку 90-х незалежную Ўкраіну і хто для Ўкраіны быў гатовы ахвяраваць усім — тыя часы даўно ў мінулым. Прыйшлі іншыя палітыкі.

Ня буду працягваць далей, бо не лічу сябе ў праве даваць ацэнкі дзейным украінскім палітыкам.

Пра другі момант скажу больш падрабязна. Колькі гадоў таму (ужо пасьля пуцінскай агрэсіі супраць Украіны), перад візытам Сьвятланы Ціханоўскай у адну эўрапейскую сталіцу, адзін з банкаў (тады яшчэ толькі адзін) пачаў блякаваць рахункі грамадзянаў Беларусі. Я прапанаваў людзям, блізкім да Офісу, каб Ціханоўская нанесла візыт кіраўніку банку.

Такі візыт бясспрэчна зрабіў бы належны эфэкт і, абсалютна перакананы, меў бы станоўчы вынік (бо ЭЗ толькі рэкамэндаваў банкам, а не абавязваў прымаць дыскрымінацыйныя меры да беларусаў).

У адказ мне сказалі, што сустрэча з банкаўскім кіраўніком — гэта не ўзровень прэзыдэнткі-элект. Узровень — прэзыдэнт, сьпікер парлямэнту, прэм’ер, ці хаця б міністар замежных спраў.

Я цудоўна разумеў, што — так, не ўзровень.

Як і не ўзровень члена парлямэнта займацца рамонтам даху нейкага дому ці асфальтаваньнем нейкага завулку. Але добрая палова часу дэпутатаў БНФ што Пазьняка, што Сямдзянавай, што Баршчэўскага ці Беленька займалі менавіта такія справы — да прыкладу, за кароткі тэрмін я стаў спэцыялістам у сартыфікацыі каналізацыйных труб (самым дэфіцытным камунальным дэфіцыце пачатку 90-х). Ёсьць жыцьцёвыя патрэбы людзей, ад якіх палітык не павінен адмахнуцца.

Сытуацыя, у якой апынуліся тысячы і тысячы вымушаных беларускіх эмігрантаў — значна горшая за камунальныя праблемы (між іншым, мяркую, што тую прапанову Сьвятлане нават і не перадалі). Ведаю, што цяпер стаўленьне да праблемаў беларусаў у выгнаньні ў атачэньні Ціханоўскай зьмянілася — да прыкладу, у Даніі ўдалося істотна палепшыць прававое становішча беларусаў.

Я наогул лічу, што прававое і сацыяльнае ўладкаваньне беларусаў у замежжы павінны быць для Офісу тэмай № 1.

Становішча беларусаў ва Ўкраіне ад усіх іншых беларусаў у замежжы адрозьніваецца тым, што яны — у вайне. Ёсьць героі, якія змагаюцца на франтах, ёсьць жонкі ўкраінцаў — ваяроў УСУ, ёсьць, нарэшце, цывільныя грамадзяне пад ракетнымі абстрэламі. І ёсьць безьліч абмежаваньняў, накладзеных на грамадзянаў Рэспублікі Беларусь — толькі за тое, што яны грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Сярод іх, напэўна, ёсьць апраўданыя, зьвязаныя з тэмамі ўнутранай бясьпекі. Але ёсьць і дыскрымінацыйныя, абсурдныя.

Зьняць іх — для прэзыдэнта Зяленскага справа пяці хвілінаў.

Вось гэта, на маю думку, мусіла б быць істотным вынікам візыту Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)