Не стала вядомага лінгвіста, палітыка і дыпламата Пятра Садоўскага. Ягоныя сябры і калегі з цеплынёй успамінаюць пра выбітнага сына Беларусі, які мацаваў незалежнасць нашай краіны.
Уладзімір Някляеў, паэт:
— Не стала Пётры Садоўскага, аднаго з маіх найдаўніх сяброў.
Я мог бы шмат чаго распавесці пра «шэльмаўскія станцыі жыцця» найлепшага знаўцы роднай мовы (раўняцца з ім у гэтым можа хіба толькі Рыгор Барадулін), аднаго са стваральнікаў Беларускага народнага фронта і першага амбасадара незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, але ён сам распавёў пра ўсё ў фенаменальнай кнізе (такой аўтабіяграфічнай кнігі няма ані ў воднага беларускага літаратара) «Мой Шыбалет».
Прачытайце.
У яго быў бездакорны літаратурны густ і бязмежная любоў да літаратуры. Найперш да паэзіі. «Каб тыя ў нас, хто займаецца беларускай палітыкай, мелі рэцэптары, якімі б адчувалі беларускую паэзію, мы б мелі беларускую, а не нямаведама якую краіну. Ва ўсякім разе не патанулую ў прыдуманым табой возеры», – пісаў ён мне ў лісце з нагоды выхаду кнігіі «Прошча», з чым я абсалютна згодны. Але, на жаль, на гэтыя рэцэптары няма рэцэптаў – і маем мы тое, што маем.
І нават гэта штодня страчваем...
Бывай, дарагі Пётра!
Юлия Чернявская, культуролаг:
— Пётра Садоўскi памёр... Годны, неверагодна iнтэлектуальны, сумленны. Адзiн з тых, дзякуючы каму Беларусь стала незалежнай. Цёплага, глыбокага неба яму! Спачуваннi сям'i i блiзкiм...
Сяргей Навумчык, былы дэпутат Вярхоўнага Савета:
— Памёр Пётра Садоўскі. Абаронца роднага слова, дэпутат БНФ і першы амбасадар у Нямеччыне, удзельнік галадоўкі супраць прыніжэньня нацыянальнай годнасьці — і чалавек, чый голас заўсёды вылучаўся ў палітычным ды інтэлектуальным хоры. Скрозь гады, чую ягоны сьпеў на Плошчы купалаўскай «Тры дарожанькі» ў пераможны вечар 25 жніўня 91-га. Вечная Памяць.
Вінцук Вячорка, мовазнаўца:
— Пётра Садоўскі для мяне быў увасабленьнем беларускае жыцьцёвасьці, жыцьцяздольнасьці, жыцьцярадаснасьці — і таму цяжка пісаць кароткае слоўца «быў»...
Ён як мала хто спалучаў у сабе вернасьць караням і праекцыю ў будучыню. Узорны «чалавек беларускі», прычым полацка-ветрынскі, і пры гэтым адкрыты сьвету, глядзеў на сьвет празь беларускую прызму, пачуваўся сваім і ўплывовым у эўрапейскай цывілізацыйнай прасторы, зьняпраўджваў сваёю чыннасьцю гнілы пастулят пра заведамую беларускую «правінцыйнасьць».
Садоўскі быў працавіты, крэатыўны, упарты ўва ўсім — будзь гэта лінгвістычная нетра ці місія першага амбасадара ў найноўшай гісторыі Беларусі.
А выбітны мовазнаўца ён дзякуючы не фармальнаму аб’ёму працаў, а глыбіні падыходу і непарушнаму пункту адліку. Ён ніколі ня быў пакорлівым згоднікам і ў навуцы, парушаў савецкага ўзору рутыну й інэрцыю — дзеля навуковай праўды і дабра беларускае мовы.
Адважны і прынцыповы, Садоўскі заўсёды быў на правільным баку гісторыі. Нават так: сам і быў гэтым правільным бокам. Галоўную песьню ягонага жыцьця — Купалаву «А ў бары, у бары» — пра сьцежачку, што вядзе ў родну межачку — абавязкова пачуюць тыя, хто недачуў.
Спачуваю Аліне і ўнукам, усім ягоным блізкім і сябрам. Пухам зямля й сьветлая Вам памяць, дарагі Пётра.
***
Развітанне з Пётрам Садоўскім адбудзецца 7 ліпеня а 9:00 у зале на вул. Сямашкі, 8, корпус 8. Пахаваюць яго на могілках у Нясвіжскім раёне.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное