Профсоюзы

Вікторыя Лявонцьева

«Улада iмкнецца зрабiць з нашых маладых суайчыннiкаў свайго роду дзяржаўных палонных»

Сябра рады «Задзіночання Беларускіх Студэнтаў» (ЗБС), актывiст незалежных прафсаюзаў Яўген Дзенісенка распавёў «Салідарнасці» пра рэпрэсiўную сiстэму размеркавання маладых спецыялiстаў, падпарадкаванне асабiстага жыцця дзяржаўным патрэбам i адбыццё працоўнай павiннасцi.

Яўген Дзенісенка

— «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў», «Маладая Грамада», «Моладзевы Блок», «Ліхтар» разам з моладзевым саветам «РАДА» i Беларускiм кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў падрыхтавалi аб’ёмнае даследаванне пра размеркаванне студэнтаў пасля заканчэння вучобы для Камітэта экспертаў па прымяненні канвенцый і рэкамендацый Мiжнароднай арганiзацыi працы.

На мой погляд, сiтуацыя ў гэтай сферы ў сэнсе ўцiску на маладых спецыялiстаў з кожным годам становiцца ўсё больш жорсткай i iмкнецца да татальнага кантролю. На жаль, у сённяшнiм свеце мы бачым, як тое, што ўчора здавалася неверагодным, сёння становiцца рэальнасцю. Гэта тычыцца i Беларусi. 

— Сёння ўлада ў Беларусi iмкнецца зрабiць з большасцi маладых нашых суайчыннiкаў свайго роду дзяржаўных палонных, калi хочаце. Штогод прафесійна-тэхнічныя, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы адукацыі генеруюць для рынка працы каля 100 тысяч спецыялістаў, з якіх больш за палову падлягае прымусоваму размеркаванню.

Напрыклад, у 2024 годзе агульны выпуск па гэтых трох узроўнях адукацыі склаў 98 тысяч чалавек, з якіх 55,8 тысячы падлягалі размеркаванню – а гэта амаль 57% ад усяго выпуску.

Але, як кажуць, «яшчэ не вечар». I паколькi рэжым не здольны развiваць эканомiку выключна эканамiчнымi метадамi, ён выкарыстоўвае звыклыя для яго абмежавальна-рэпрэсiўныя, масштаб якiх будзе толькi пашырацца.

Напрыклад, у сакавіку 2026 года была скасаваная магчымасць навучання ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (БДМУ) на бясплатнай аснове. Гэта значыць, што цяпер усе студэнты будуць вымушаныя праходзіць пяцігадовую адпрацоўку пасля навучання.

Для выпускнікоў, якія не з'явіліся на свае працоўныя месцы або не прайшлі абавязковы тэрмін працаўладкавання без уважлівай прычыны, былі ўведзены дадатковыя абмежаванні: павялічаная фінансавая кампенсацыя, i яе памер зараз прыкладна ўдвая больш за кошт платнага навучання.

А для выпускнікоў прафесійна-тэхнічных устаноў тэрмін абавязковай адпрацоўкі быў падоўжаны з аднаго да двух гадоў.

Таксама была прапанаваная палітыка па абмежаванні вызваленняў для членаў сям'і. У выпадках, калі муж і жонка размеркаваны ў розныя гарады, адзін з партнёраў павінен самастойна забяспечыць сабе працу ў населеным пункце іншага, каб захаваць адзінства сям'і.

Такiм чынам нават асабістае і сямейнае жыццё падпарадкаванае імператывам дзяржаўных патрэб.

Акрамя гэтага, выпускнікам, якія былі накіраваныя на размеркаванне, немагчыма скасаваць працоўны кантракт па сваім жаданні да заканчэння тэрміну адпрацоўкі без штрафных санкцый. Тонкасць палягае ў тым, што згодна з артыкулам 40 Працоўнага кодэкса Беларусі кожны работнік мае права звольніцца па ўласным жаданні, папярэдзіўшы пра гэта наймальніка за адзін месяц.

Аднак у выпадку выпускніка, які знаходзіцца на абавязковым размеркаванні, скасаванне працоўнага кантракта не вызваляе яго ад абавязку перад установай адукацыі адпрацаваць устаноўлены тэрмін. Фактычна гэта азначае, што ён альбо яна не мае права самастойна выбіраць іншае месца працы па ўласнай ініцыятыве. Што парушае артыкул 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

— Але ж сiтуацыя з прымусовым размеркаваннем парушае не толькi беларускiя законы. Мiжнародная арганiзацыя працы (МАП) таксама лiчыць, што размеркаванне — гэта, па сутнасцi, прымусовая праца, iснаванне якой у краiне парушае мiжнародныя нормы.

— Так. У прыватнасці, 29-я Канвенцыя МАП аб прымусовай працы абавязвае дзяржавы-члены «спыніць выкарыстанне прымусовай або абавязковай працы ва ўсіх яе формах у самыя кароткія тэрміны».

Акрамя таго, прымусовая або абавязковая праца забаронена артыкулам 8 Міжнароднага пакта аб палітычных правах ААН. Гэты пакт ратыфікаваны Беларуссю, што накладае на дзяржаву абавязак забяспечваць адпаведнасць нацыянальнага заканадаўства мiжнародным нормам. Але ж рэжым не робiць гэтага.

— А з эканамiчнага пункту гледжання у чым праблема з абавязковым размеркаваннем? Упэўнена, што не толькi чыноўнiкi, але i некаторыя звычайныя людзi лiчаць, што так i патрэбна быць: так бы мoвiць, дзяржава цябе вывучыла — ты ёй павiнны. Не будзем зараз пра тое, што дзяржава — гэта кiравальная i размеркавальная сiстэма, якая iснуе на падаткi грамадзян. Хачу спытаць, на што спадзяецца гэта самая сiстэма, калi робiць са сваiх маладых грамадзян «эканамiчных даўжнiкоў»?

— Механізм прымусовага размеркавання — прамая спадчына савецкай камандна-планавай эканомікі, калi дзяржава цэнтралізавана кіравала працоўнымі рэсурсамі, адміністрацыйна вызначала патрэбу ў кадрах і накіроўвала выпускнікоў туды, куды лічыла неабходным. У такой мадэлі матывацыя работніка, канкурэнцыя паміж наймальнікамі і эканамічная мэтазгоднасць мелі другаснае значэнне.

У сучасных рынкавых умовах падобны механізм функцыянуе значна менш эфектыўна, бо існуе свабодны рынак працы, дзе заробкі, умовы ўладкавання, прафесійныя перспектывы і добраахвотная мабільнасць вызначаюць перавагі работнікаў.

Масавае прымусовае размеркаванне абмяжоўвае прафесійныя магчымасці спецыялістаў і эканамічны рост краіны пад прыкрыццём «сацыяльных гарантый».

Фактычна размеркаванне з’яўляецца механізмам адміністрацыйнай падтрымкі нізкапрадукцыйных і кадрава непрывабных сектараў, праблемы якіх мусяць вырашацца іншымі метадамі, а не за кошт маладых спецыялістаў. Але паколькi ў цяперашняй улады iншыя метады не працуюць, застаюцца толькi людзi, якiх яна выкарыстоўвае такiм чынам.

Асобная праблема — якасць умоў працы і жыцця па месцы размеркавання, асабліва ў сельскай мясцовасці і малых гарадах. Выпускнікi нярэдка сутыкаюцца з недахопам жылля, абмежаваным доступам да сацыяльнай інфраструктуры, слабымі магчымасцямі для прафесійнага росту і нізкім узроўнем заробку.

Замест таго, каб выступаць інструментам назапашвання чалавечага капіталу, размеркаванне часта ўспрымаецца як часовая павіннасць. У большасці выпадкаў прымусовая адпрацоўка забяспечвае толькі кароткатэрміновую прысутнасць спецыялістаў: пасля заканчэння адпрацоўкі значная частка выпускнікоў пакідае першае месца працы, не звязваючы з ім сваю далейшую кар’еру.

Такім чынам, сістэма фактычна падтрымлівае цыкл часовай і нестабільнай занятасці, не ствараючы ўмоў для ўстойлівага развіцця рэгіёнаў і фармавання прафесійных супольнасцяў.

— Задам, магчыма, наiўнае пытанне: сёння, акрамя бацькоў, хтосьцi ў краiне прадстаўляе iнтарэсы студэнтаў?

— Зразумела, не. Адным з ключавых фактараў, якія замацоўваюць сістэму абавязковага размеркавання ў Беларусі, з'яўляецца адсутнасць эфектыўных і незалежных механізмаў такога прадстаўніцтва.

Студэнты пазбаўленыя магчымасці калектыўна ўплываць на ўмовы працы і правілы размеркавання. Афіцыйныя студэнцкія прафсаюзы ўваходзяць у структуру Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая дэ-факта з'яўляецца часткай дзяржаўнага апарата. Замест абароны правоў студэнтаў у спрэчках з адміністрацыяй ці дзяржавай яны факусуюцца на размеркаванні сацыяльных выгод (месцы ў інтэрнатах, пуцёўкі, зніжкі) і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў.

Больш таго, пры прыняцці рашэння пра месца працы выпускніка камісія ўлічвае не толькі паспяховасць, але і «актыўную грамадзянскую і патрыятычную пазіцыю».

Ва ўмовах адсутнасці незалежных саюзаў гэты крытэрый становіцца інструментам лаяльнасці, дзе ўдзел у дзяржаўных маладзёжных арганізацыях, напрыклад, БРСМ, можа даваць перавагу, а пасіўнасць або пратэстная актыўнасць прыводзіць да горшых умоў размеркавання.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)