Будуюць гіганцкія кароўнікі, комплексы для цялят — а няма магчымасці іх там утрымліваць так, як патрэбна. І людзей не хапае, і кармы вашыя з БНБК неяк не тыя, як высвятляецца (нават на рыбак, аказваецца, купляюць дацкія кармы — бо таннейшыя і лепшай якасці, чым беларускія). То нічога дзіўнага ў такіх выніках, якія траўмуюць тонкую псіхіку Лукашэнкі, няма.
Махоўскі: «Гэта вынік гігантаманіі Лукашэнкі»
Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі патлумачыў, з каго трэба пытаць за правалы ў сельскай гаспадарцы, чаму ва ўлады няма кадравых рэсурсаў і чым тлумачацца заклікі да большай эканоміі ва ўсіх сферах.
Днямі Лукашэнка загадаў дзяржСМІ апублікаваць шакуючыя фота загінулых цялят на Гомельшчыне. Падначаленыя адрапартавалі, што кіраўнік гаспадаркі, дзе такое адбылося, ужо ў СІЗА. Але насамрэч, зазначае эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі, спытаць за падобныя выпадкі правіцелю трэба найперш з сябе.
— Бо гэта вынік гігантаманіі Лукашэнкі, — падкрэсліў эксперт у эфіры Еўрарадыё. — Тое, што яны будуюць гіганцкія сельскагаспадарчыя комплексы.
У нас жа мруць не толькі цяляты — і кароўкі, і свінкі таксама мруць.
То-бок, уявім: калі ў цябе маленькая ферма, на якой 100 кароў, і здарылася нейкая эпідэмія, — памруць 100 кароў. А калі ферма гіганцкая, і на ёй тысячы, дзясяткі тысяч — то калі што-небудзь, зараза якая, туды прыйшла, то яны ўсе і вымруць.
Як гэта і адбывалася ў свой час са свіннямі. Значна горш, чым з цялятамі (да якіх у Лукашэнкі, мабыць, проста асаблівае стаўленне). Свінні мерлі дзясяткамі тысяч — гэта было, як «чорная смерць» у Еўропе ў XIV стагоддзі.
І паўтаруся: гэта вынік гігантаманіі.
Але ж і чыноўнікі ў сельскагаспадарчай сферы, адзін за адным, не задавальняюць правіцеля. І атрымліваецца, што адны ўжо сядзяць, другія «адной нагой у турме». Чаму так?
— Мяркую, ужо і самі чыноўнікі да гэтага звыклі — што пастаянна гучаць абяцанні іх пазвальняць, пасадзіць, абвінавачанні, маўляў, павінныя былі зрабіць тое і тое, а не зрабілі нічога, — гаворыць Андрэй Махоўскі. — Але яны ўсе разумеюць, што гэта проста словы, якія ні да чога не абавязваюць: нікога ён не звольніць. А што пасадзіць — апошні раз гэта быў ягоны памочнік Ігар Брыло, і гэта было даўно, не цяпер.
Каго ён цяпер можа пасадзіць? Ну, загадчыка фермы. Але ж нават старшыню райвыканкама Лукашэнка асабліва не можа. Бо не можа знайсці іншае на ягонае месца.
Некалькі месяцаў таму былі вельмі смешныя кадравыя прызначэнні. Калі, умоўна, старшыня Бярозаўскара райвыканкама паехаў у Касцюковічы, старшыня з Касцюковічаў — у Пінск, а пінскі — у Бярозу. То-бок, іх перасаджваюць з месца на месца, бо не хапае ў яго людзей.
Альбо іншая гісторыя на пачатку 2026-га, калі да яго прыйшлі міністры і кіраўнікі прасіцца звольніцца. А ён ім пасля «мужчынскай размовы» адмовіў, бо працуюць жа, а на іх месцы — каго знайсці.
Таму ўсе ягоныя публічныя разносы нікога ні да чога не абавязваюць. І сам Лукашэнка гэта разумее, ад чаго яшчэ боль шалее. Ён бы, можа, і хацеў усіх пазвальняць, пасадзіць у турму, ці, не ведаю, адправіць у штурмавыя атрады на Данеччыне — але не можа. Бо іншых няма.
Як, мабыць, не вельмі шмат і грошай у бюджэце, якія правіцель успрымае як свае:
— Таму Лукашэнка падчас свайго турнэ па Гомельшчыне заклікаў эканоміць. Нават на святым, на «прафілакторыі для цялят», — нагадвае Андрэй Махоўскі. — Бо ў яго адчуванне, што тыя 500 тысяч з ягонай кішэні вынулі. Хай сабе і на цялят. Цялят таксама шкада, але грошай шкада больш.
Наогул, апошнія месяц-два тэма эканоміі стала лейтматывам у ягоных выступленнях. Куды б Лукашэнка ні прыязджаў, ён заклікаў эканоміць: калі на цялятах ужо эканомім, то на беларусах сам Бог загадаў.
Таму і гучала, што нешта мы на медыцыну мясцовую зашмат грошай выдаткоўваем, і літаральна пра ўсё — трэба эканоміць.
Читайте еще
Избранное