Акрамя таго, Лукашэнка здолеў знайсці такі фармат, што «заноза» ў двухбаковых адносінах Беларусі з Польшчай, якая была адной з галоўных перашкод да нармалізацыі, была ліквідаваная. Прычым гэта не выглядае так, быццам ён здаўся і саступіў. А ў перспектыве, думаю, ён спадзяецца на тое, што будуць далейшыя крокі насустрач.
Дракахруст: «Лукашэнка аказаўся гульцом у складанай міжнароднай палітычнай шахматнай партыі. Прычым зусім не на прыстаўным стульчыку»
Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода, як вызваленне Анджэя Пачобута невідавочна прынесла карысць Лукашэнку і ягонай шматвектарнасці.
Літаральна ўчора паміж Беларуссю і Польшчай адбыўся абмен затрыманымі па формуле «пяць на пяць». Сярод вызваленых — палітзняволены журналіст і актывіст Анджэй Пачобут, манах Гжэгаж Гавэл і палітвязень Томаш Бяроза.
А таксама затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны расейскі гісторык і археолаг Аляксандр Буцягін, шпіён Аляксандр Балан, а таксама афіцэры спецслужбаў Малдовы, некалькі грамадзян РФ і РБ, абвінавачаных у шпіянажы ў Еўропе.
Паводле беларускага боку, перамовы на гэты конт вяліся больш за паўгады, але абмен стаў магчымы толькі сёлета. У ім перапляліся інтарэсы адразу многііх бакоў — і тандэма РФ-РБ, і Польшчы, і краін ЕС, і ЗША. А хто з іх, як выглядае, найбольш выйграў ад праведзенай аперацыі?
— Больш паспяховым выглядае Лукашэнка, — зазначае ў каментары «Филину» палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст, — прычым і ў цяперашняй сітуацыі, і ў магчымай перспектыве.
Прычын таму некалькі. Па-першае, у гэтай камбінацыі ён здолеў аказаць паслугу, зрабіць добры жэст на адрас як Трампа (і таму на прэс-канферэнцыі ў Варшаве гучала, што вызваленне Пачобута — выключная заслуга амерыканскай адміністрацыі), так і Пуціна (маю на ўвазе, вызваленне Буцягіна, арышт якога гучна абмяркоўваўся ў РФ).
Нават сам фармат гэтага абмену стаў дадатковым бонусам для Лукашэнкі. У тым сэнсе, што ён аказаўся гульцом, прычым зусім не на прыстаўным стульчыку, а адным з галоўных, у складанай міжнароднай палітычнай шахматнай партыі. Дзе задзейнічаны і Беларусь, і ЗША, і Польшча, і Расея, і Малдова, і Румынія.
Параўнаем з летам 2024 года, калі адбыўся абмен расійскіх дысідэнтаў і Рыка Крыгера на шпіёнаў і кілера, арыштаваных у ЗША і Еўропе. Тады ў Лукашэнкі была роля службовая, а сёння — справа Пуцін, злева Трамп, а ён з імі калі не роўных, то як значны ўдзельнік гульні.
Мы ж памятаем, як мінулай восенню Польшча адкрыла два раней зачыненыя памежныя пераходы. Прычым адзін з іх, Баброўнікі (Брузгі з беларускага боку), быў зачынены ў лютым 2023 года менавіта ў адказ на прысуд Анджэю Пачобуту.
І многія, у тым ліку я, чакалі, што Пачобут пасля гэтага ў хуткім часе выйдзе на волю, што гэта было часткай здзелкі. Можа, яно так і аказалася, але таймінг здзелкі стаўся большым.
І гэтыя падзеі сведчаць: устаноўкі на тое, што «мы не будзем ні пра што гаварыць з Лукашэнкам, ніякіх саступак рэжыму», у Варшавы няма і не было. Не выключана, што некаторыя прагматычныя крокі яны могуць рабіць і далей. Некаторыя польскія эксперты так не лічаць — але ж паглядзім.
Суб’ектыўна, свабода Пачобута — гэта вялікая, значная падзея для Польшчы. Гэта плюс для Трампа, які яшчэ раз паказаў, што ягоная дыпламатыя прыносіць плён, калі іншыя сродкі не працуюць. Але, паўтаруся, галоўны профіт — у Лукашэнкі.
— Коўл анансаваў хуткі візіт у Мінск. Канешне, мы спадзяемся, што гэта значыць новыя вызваленні, бо сотні беларусаў застаюцца за кратамі. Але што рэальна Штаты могуць прапанаваць Лукашэнку, апроч прэпарату для пахудзення? Доступ у літоўскія парты для беларускага калію выглядае малаверагодным…
— Частткова Трамп ужо даў Лукашэнку пэўныя выгоды — тое, аб чым мы казалі крыху раней, удзел у вялікай палітычнай гульні. Бо крокі насустрач могуць мець не толькі чыста матэрыяльнае, эканамічнае напаўненне, але і прэстыжнае.
Прынамсі, у пакеце ляжыць адкрыццё — ці, хутчэй, пераадкрыццё — амерыканскай амбасады ў Менску. Нават з прызначэннямі амбасадараў. Гэта ЗША могуць рэальна даць, і гэта ў прынцыпе ўжо было абяцана.
Таксама тое, што амбяркоўвалася — запрашэнне альбо на Раду міру, альбо ў Флорыду на асабістую сустрэчу з Трампам. І не важна, як гэта ў выніку будзе рэалізавана — галоўнае, што можа спраўдзіцца такі жэст кшталту амбасады ці візіту ў ЗША.
Што да матэрыяльнага боку, у прыватнасці, магчымасцяў для беларускага калію… Коўл жа не сказаў, што ён прыедзе ў Мінск заўтра. А што будзе праз два-тры тыдні — мы з вамі не ведаем, а ён, магчыма, ведае. І не абавязкова, што пазіцыя Вільні застанецца непахіснай, як скала.
А нават калі застанецца — порты ёсць у розных краінах. Клайпеда — самая зручная, але порты на тым жа Балтыйскім моры ёсць і ў Польшчы. І калі Літва не хоча, магчыма, атрымаецца дамовіцца з Польшчай, якая паказала, што гатовая на пэўную гнуткасць?
Таму што на што мяняць — ёсць.
— То-бок, вялікая геапалітычная гульня працягваецца, і Лукашэнка — у ёй, а не на ўзбочыне.
— Так. Адзінае, што не выкананае пажаданне Коўла, выказанае мінулым разам у Менску — каб не было новых пасадак. Як мы бачым, яны працягваюцца.
Хаця за апошнія паўтары гады, калі ў Коўла пыталіся і пра Пачобута, і пра іншыя вызваленні, ён адказваў: «Мы над гэтым працуем». І зараз, калі сказаць, што вось жа людзей у Беларусі працягваюць саджаць — думаю, адказ будзе такі самы. Сітуацыя з Пачобутам паказала, што гэтая праца мае плён, хай не так хутка, як многім хацелася б.
І яшчэ адзін момант, які важна адзначыць. Мы бачылі, што РФ увесь час фыркала наконт кантактаў Лукашэнкі з Трампам — то з МЗС, то з СВР, іншыя дзеячы заяўлялі, маўляў, Беларусь хоча збегчы на Захад. А ў цяперашнім абмене схема была збудаваная так, што Расея мела выразны інтарэс, вызваленне знакавай асобы — і Лукашэнка гэтаму паспрыяў.
Сутнасць гэтага паслання: бачыце, я ж не сыходжу ад Расеі, а сваімі кантактамі, наадварот, дапамагаю. І нават калі ў Маскве скрыпнуць зубамі — сітуацыя складваецца так, што слова супраць не скажаш.
Читайте еще
Избранное